ПРАМЯНЁВАЯ ЗБРО́Я, лазерная зброя,
від зброі, заснаваны на выкарыстанні лазернага выпрамянення з мэтай паражэння людзей, узбраення і ваен. тэхнікі. Асн. характарыстыкі: імгненнае паражэнне цэлі, вялікая далёкасць паражэння (200—2 тыс. км), колькасць энергіі пры адным выстрале каля 200 МДж (эквівалентна 50 кг зараду трынітраталуолу). Асн. паражальныя фактары: цеплавое ўздзеянне, дынамічны ўдар, светлавое і эл.-магн. выпрамяненне. Найб. эфектыўная П.з. для паражэння паліўных бакаў міжкантынент. балістычных ракет, лятальных апаратаў і інш. Адрозніваюць непасрэднае паражэнне П.з. (за кошт награвання, плаўлення і выпарэння) і функцыян. (уздзеянне на асобныя сістэмы аб’ектаў). Асн. тыпы лазераў, якія могуць выкарыстоўвацца ў П.з.: хімічныя на фторыстым вадародзе і фторыстым дэйтэрыі, кіслародна-ёдзістыя на свабодных электронах, рэнтгенаўскія з напампоўкай ад ядз. выбуху і інш.
І.М.Быкаў.
т. 13, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)